На маім жыццёвым шляху мне выпала шчасце сустрэць шмат цудоўных калег. Гэта людзі, якія адрозніваюцца шчырай любоўю да дзяцей і бязмернай вернасцю педагагічнай дзейнасці.
Падчас гутаркі з Людмілай Пятроўнай я спытала: «Жаданне стаць настаўнікам у Вас узнікла ў які час?»
Яна адразу адказала, што яшчэ маленькай з лялькамі гуляла ў школу, чытаць не ўмела, а малявала, размаўляла з імі.
– Я пранесла мару быць настаўнікам праз усё школьнае жыццё. Паступала ў Мінскі дзяржаўны інстытут замежных моў – не прайшла па конкурсе. Паступіла завочна ў Мінскі дзяржаўны педінстытут на факультэт пачатковых класаў. З гэтага часу і пачалася працоўная дзейнасць маладой настаўніцы Якімаўскай 8-гадовай школы, сярэдняй школы № 2 г. Крупкі, а з 1995 года – сярэдняй школы № 3 г. Крупкі, – расказала мая суразмоўца.
Заслужыць любоў дзяцей – заўсёды было адной з галоўных задач настаўніцы, з якой спраўлялася Людміла Пятроўна на выдатна.
Яна лічыць, што настаўнік павінен добра ведаць і любіць свой прадмет, а яшчэ любіць дзяцей, мець моцнае жаданне перадаваць ім свае веды, запальваць у юных сэрцах агеньчык цікавасці. Настаўнік павінен валодаць пачуццём гумару, каб быць з дзецьмі на адной хвалі.
Людміла Пятроўна любіць паўтараць, што яна заўсёды працавала ў школе дзеля задавальнення:
– Задавальненне – правяраць вучнёўскія сшыткі, быць гледачом на спектаклях, дзе артысты – твае дзеці. Задавальненне – калі твае дзеці добра скончылі вучэбны год. А колькі сіл, умення, педагагічнага таленту патрабуецца для гэтага.
З удзячнасцю ўспамінаюць сумесную працу з Людмілай Пятроўнай калегі Соф’я Васільеўна Ерашэнка, Ірына Вільгельмаўна Белацэркавец, Раіса Пятроўна Барбаровіч і іншыя.
Я таксама ўдзячна лёсу, што працавала з Людмілай Пятроўнай у СШ № 3 г. Крупкі. З ёй цікава было абмеркаваць розныя пытанні школьнага жыцця, прыслухацца да парад і вырашыць разам усё надзённае.
Праца Людмілы Пятроўны не засталася незаўважанай. Яна ўзнагароджана нагрудным знакам «Выдатнік народнай адукацыі БССР», Ганаровымі граматамі Міністэрства адукацыі, Мінаблвыканкама і аддзела адукацыі райвыканкама.
«Запрашаю вас на 80-гадовы юбілей», – з усмешкай адзначыла Людміла Пятроўна.
Няхай жа, як і раней, паважаная Людміла Пятроўна, у Вашым сэрцы ніколі не згасне святло педагагічнага таленту, майстэрства, а ў доме па вуліцы Мінскай заўсёды свеціцца агеньчык настаўніцы, якая аддала сваё сэрца дзецям.
Валянціна СКВАРКОЎСКАЯ, старшыня раённай ветэранскай арганізацыі работнікаў адукацыі.